Testimonials

Lorem ipsum dolor sit amet, consectetur adipisicing elit, sed do eiusmod tempor incididunt ut labore et dolore magna aliqua.
Sandro Rosell
FC Barcelona President

ЕўраБеларусь: Для мабілізацыі адукацыйных рэформ у Беларусі неабходна, каб загучаў голас грамадскасці. Сёлета фактычна завяршаецца тэрмін рэалізацыі Беларуссю патрабаванняў Дарожнай карты – тых абавязацельстваў, выкананне яіх наша краіна ўзяла на сябе, каб далучыцца да еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА) і стаць паўнавартаснай удзельніцай Балонскага працэсу. І хоць год пачаўся з рэформы правілаў прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, умовы Дарожнай карты мы за паўтара года не выканалі амаль ні на крок. Пра тое, што адбываецца на шляху да Балонскага працэсу, Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” распавёў сябра Грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў.


– Якіх вынікаў удалося дасягнуць у рэфармаванні сістэмы вышэйшай адукацыі ў Беларусі за мінулы год?

– У працэсе інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі ёсць два планы. Першы – замацаванне ў беларускім заканадаўстве пэўных норм ЕПВА, і гэты працэс рэгламентуецца абавязацельствамі па Дарожнай карце, якія Беларусь падпісала ў 2015 годзе. Гэта вельмі канкрэтны дакумент, там пералічваюцца заканадаўчыя акты ЕПВА, якія павінны быць уклчаны ў наша нацыянальнае заканадаўства. Другі план – акадэмічная практыка, якая ўлічвае каштоўнасці і нормы Балонскага працэсу.

Адносна імплементацыі нарматыўных актаў у заканадаўства мінулы год вялікіх дасягненняў не прынёс. Паводле ацэнкі нашых экспертаў, узровень рэалізацыі Дарожнай карты складае каля 9%. Гэта вельмі нізкі паказчык, і застаецца адзін год, каб завяршыць гэты працэс. Летась распрацоўвалі новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі, і было вельмі шмат спадзяванняў, што ў ёй адлюструюцца патрабаванні Дарожнай карты. Але, паводле інфармацыі, якую мы маем, вялікіх падстаў для аптымізму няма.

Што да акадэмічнага жыцця, то, паводле звестак нашага маніторынгу, акадэмічныя супольнасці летась былі фактычна ізаляваныя ад абавязацельстваў Дарожнай карты, увесь год назіраўся нізкі ўзровень інфармацыйнай адкрытасці. Але варта зазначыць, што напрыканцы года Міністэрства адукацыі стала дэманстраваць большую адкрытасць і гатоўнасць абмяркоўваць змены.

– У чым гэта праявілася?

– У кастрычніку адбыўся вельмі прадуктыўны круглы стол, падчас якога міністр адукацыі, намеснік міністра, кіраўнікі дэпартаментаў вельмі адкрыта казалі пра тое, што павінна быць зроблена. Прычым на круглым стале маглі прысутнічаць не толькі чыноўнікі, але і акадэмічная супольнасць, і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Міністр Жураўкоў падчас пасяджэння адкрыта заявіў, што ў беларускай вышэйшай адукацыі няма ніякай будучыні, апроч як у Балонскім працэсе. Гэта было сказана на фоне шматлікіх заяў кіраўніка краіны аб сумневах у карысці Балонскага працэсу. Было сказана, што патрабуецца сур’ёзнае абнаўленне заканадаўства і гаворка павінна ісці не аб дапаўненнях у Кодэкс аб адукацыі, а аб новай рэдакцыі. Таксама міністр казаў, што ў імплементацыі Дарожнай карты зроблена яшчэ вельмі мала. Такая адкрытасць і самакрытычнасць нараджала пазітыўныя чаканні, якія, на жаль, змяніліся сумневамі ў сувязі з прызначэннем новага міністра, у якога няма не тое што акадэмічнага бэкграўнду, але і досведу, які б дапамог вырашаць пытанні мадэрнізацыі вышэйшай школы. У яго няма нават вучонай ступені. З іншага боку, гэта не з’яўляецца прысудам і пакуль яшчэ рана казаць, што гэта кансерватыўны рэванш, які заблакуе мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Але перасцярогі небеспадстаўныя, тым больш, што такая змена кіраўніцтва Міністэрства адукацыі ў крытычны перыяд не будзе спрыяць павышэнню тэмпаў рэфармавання.

– Тым не менш, новы год пачаўся з пэўных рэформ: на днях стала вядома пра змены ў правілах прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Што гэта значыць?

– Гэта рэформы, якія былі даўно запланаваныя. Але ў вылядзе ўказу яны аформленыя са спазненнем, бо да ўступнай кампаніі засталося няшмат часу. Змены працуюць на такую дэмакратычую каштоўнасць, як даступнасць вышэйшай адукацыі. Хаця ва ўмовах Беларусі патрэбы ў гэтым няма: у нас і так вышэйшая адукацыя звышдаступная. У аснове пашырэння даступнасці не ў апошнюю чаргу ляжыць клопат кіраўнікоў вну за запаўняльнасць першых курсаў. Што да якасці адукацыі, то такія крокі ёй не спрыяюць.

Варта звярнуць увагу на праблему размеркавання выпускнікоў. У снежні выйшла пастанова Савета міністраў, якая крыху змяніла парадак разліку кампенсацыі выдаткаў за адукацыю. Інакш кажучы, вызваленне ад працоўнага рабства, якое прадугледжвае размеркаванне, стала крыху танней, адсоткаў на 20. Гэта наўрад ці можна назваць сур’ёзнай рэформай, але, прынамсі, нясе палёгку тым, хто не хацеў бы падпарадкоўвацца гэтаму закону ва ўмовах, калі механізм размеркавання ўжо не працуе і становіцца крайняй формай крывадушша.

Але ў прэзідэнцкім указе, які выйшаў днямі, ёсць і норма, якая супярэчыць Балонскаму працэсу. Мы павінны перагледзець сістэму размеркавання і ліквідаваць яе ў тым выглядзе, у якім яна існуе. Але паводле ўказу тыя, хто паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці пасля профільных класаў без экзаменаў, павінны адпрацаваць па размеркаванні пяць год і больш. Іншымі словамі, “купіць” паступленне без экзаменаў на незапатрабаваную спецыяльнасць коштам пяцігадовага. Норма пяцігатовага “запрыгоньвання” выглядае абсурднай на фоне сітуацыі на рынку працы і абавязацельстваў Беларусі перагледзець сістэму размеркавання.

– Як гэта суаднесці з апошнім, крытычным годам рэалізацыі Дарожнай карты?

– Мяркуючы па тым, што адбываецца, ёсць падставы лічыць, што Дарожная карта ў асноўным не будзе выканана. Я чакаю, што яе рэалізацыя будзе на ўзроўні 20%.

Сёння перад беларускімі ўладамі і нашымі еўрапейскімі партнёрамі трэба ставіць пытанне, што рабіць ва ўмовах хранічнага невыканання абавязацельстваў. Гэта шкодзіць рэпутацыі Беларусі, і не толькі вышэйшай адукацыі. Пры гэтым вышэйшае палітычнае кіраўніцтва робіць нямала для таго, каб абавязацельствы не выконваліся, прынамсі, матывацыі да іх выканання мы не чуем.

– Якія планы ў Грамадскага Балонскага камітэту на гэты год?

– Мы будзем працягваць маніторынг. Ёсць міжнародная балонская працоўная група, якая падрыхтуе справаздачу аб выкананні Беларуссю абавязацельстваў Дарожнай карты. Да кожнага пасяджэння групы мы рыхтуем даклад. Палітычныя ж рашэнні фармальна будуць прымацца на Саміце міністраў адукацыі ў траўні 2018 года ў Францыі.

Цікаўнасць да Балонскага працэсу знізілася, і зразумела, чаму – бо нічога не мяняецца. Часам адміністрацыі вну свядома ці не дыскрэдытуюць Балонскі працэс, спісваючы на яго павелічэнне папяровай працы і ўсе іншыя няшчасці. З іншага боку, і выкладчыкі, і студэнты адлучаныя ад інфармацыі. Нават 628 загад, які нібыта імплементуе ў нацыянальнае заканадаўства нормы Дарожнай карты, адсутнічае ў публічным доступе. На ўзроўні вну ігнаруецца норма, замацаваная Мінадукацыі, каб на сайтах навучальных устаноў зрабіць старонкі, прысвечаныя Балонскаму працэсу. У гэтых умовах на ўзроўні студэнтаў, выкладчыкаў, бацькоў нічога, апроч расчаравання, не праяўляецца.

– Як грамадства можа паўплываць на сітуацыю?

– Грамадства – гэта людзі, зацікаўленыя ў працэсе. Але паколькі яны адлучаныя ад інфармацыі, іх голас не ўлічваецца. Трэба іх мабілізаваць, вылучыць патрабаванне, каб бачанне грамадства ўлічвалася ў заканадаўстве. Але працадаўчы маўчаць, студэнты запалоханыя рэпрэсіямі, бацькі ўвогуле не разумеюць, што адбываецца. Грамадзянская супольнасць спрабуе нешта рабіць, але гэтага недастаткова, каб працэс ішоў прадуктыўна.

 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь