Testimonials

Lorem ipsum dolor sit amet, consectetur adipisicing elit, sed do eiusmod tempor incididunt ut labore et dolore magna aliqua.
Sandro Rosell
FC Barcelona President

Аўтар: прэзідэнт Міжнароднай абсерваторыі па акадэмічнаму ранжыраванню і дасканаласці IREGпрафесар, доктар Ян Садлак (Ian Sadlak)

"Вышэйшая адукацыя цяпер уяўляе сабой не проста інавацыйныя тэхналогіі і шырокі выбар правайдэраў, але і грунтуецца на ўсведамленні такіх каштоўнасцяў, як інстытуцыйная аўтаномія, акадэмічная свабода і супрацоўніцтва паміж ВНУ. Яны з'яўляюцца неабходнымі кампанентамі канкурэнтнай перавагі еўрапейскіх універсітэтаў на сусветным рынку і праз гэта - інструментамі на службе грамадства. Балонскі працэс з'яўляецца платформай, дзе нараджаюцца інавацыйныя ідэі, і лабараторыяй рэалізацыі палітычных рашэнняў для ажыццяўлення гэтых ідэй і праектаў."

Прапаноўваем вашай увазе тэкст, прысвечаны асноўным вынікам Балонскага працэсу, які будзе апублікаваны ў перыядычным выданні Ватыкана “Educatio Catholica” у лістападзе 2017 г.


Вытокі і перадумовы

Балонская дэкларацыя, падпісаная 19 чэрвеня 1999 года міністрамі 29 еўрапейскіх краін, адказных за вышэйшую адукацыю, з'яўляецца важнай вяхой у доўгай гісторыі еўрапейскай вышэйшай адукацыі. Яе асновы былі закладзеныя годам раней па выніках канферэнцыі, арганізаванай у траўні 1998 года ў сувязі са святкаваннем 800-годдзя заснавання Парыжскага ўніверсітэта Сарбоны[1]. З нагоды адкрыцця канферэнцыі, тагачасны французскі міністр адукацыі Клод Алегр запрасіў сваіх калег з Германіі, Італіі і Вялікабрытаніі для абмеркавання далейшых перспектыў і праектаў у напрамку ўзгаднення архітэктуры вышэйшай адукацыі ў Еўропе на сістэмным узроўні, узроўні адукацыйных устаноў і навучальных праграм. Дадзеная канферэнцыя завяршылася падпісаннем дакумента - Сарбонскай дэкларацыі.

Падпісанты Сарбонскай дэкларацыі адзначылі, што, нягледзячы на агульнапрызнаныя гістарычныя вытокі ўніверсітэта як такога, вартасць якіх складана пераацаніць, універсітэцкая адукацыя ў Еўропе эвалюцыйныя змяненні на розных узроўнях. Гэта прывяло да з’яўлення вялікай колькасці сістэм вышэйшай адукацыі, адрозных па інстытуцыйнай арганізацыі навучання і навуковых даследаванняў. Такая разнастайнасць уяўляе сабой сур'ёзную перашкоду на шляху да стварэння адзінай пан’еўрапейскай сістэмы вышэйшай адукацыі. У гэтай сувязі, з самага пачатку міністры адукацыі выразна падкрэслілі, што адказам на дадзены выклік стане гарманізацыя (узгадненне) адукацыйных структур і, у якасці галоўнага акцэнта, падабенства іх мэт, прымаючы ва ўвагу, аднак, неабходнасць пазбягаць строгіх збораў правіл і іерархічнай распрацоўкі палажэнняў (гл. у бібліяграфіі - Allègre, 2002).

Такі парадак рэчаў заклікаў да стварэння лёгкай і выразнай структуры суцэльнага праекта. Але перш чым працягнуць вывучэнне асаблівасцяў Балонскага працэса, неабходна ўзгадаць пра дастатковую колькасць папярэдніх, больш ці менш паспяховых, дзяржаўных і недзяржаўных ініцыятыў, накіраваных на развіццё агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі, асабліва пасля свайго роду ідэалагічнага падзелу Еўропы ў 1989 годзе (Barblan, 2011). Некаторыя з іх, як Вялікая хартыя ўніверсітэтаў (толькі фармальна падпісаная рэктарамі 430  ўніверсітэтаў у Балонні яшчэ ў 1988 годзе), Лісабонская канвенцыя па прызнанні, прынятая ў 1997 годзе, або праграма студэнцкай мабільнасці ЕС “Эразмус”, сталі важным этапам і заклалі фундамент для далейшага развіцця сферы вышэйшай адукацыі. Аднак ніводзін з гэтых праектаў не аб’яднаў у сабе столькі адукацыйных ідэй і перспектыў, як праект Балонскага працэса, і ніводная ініцыятыва не ўзяла на сябе столькі адказнасці за трансфармацыі на ўсім Еўрапейскім кантыненце, як стварэнне Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (EHEA). 12 сакавіка 2010 года на канферэнцыі міністраў вышэйшай адукацыі быў абвешчаны афіцыйны запуск праекта Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, які падпісалі міністры 47 еўрапейскіх краін.

Балонскі працэс трэба разглядаць таксама ў кантэксце новай геапалітычнай сітуацыі ў сферы вышэйшай адукацыі, якая характарызуецца ростам мабільнасці студэнтаў, выкладчыкаў і інфармацыі, канкурэнцыяй на глабальным адукацыйным рынку за таленавітых навучэнцаў і інстытуцыйныя дасканаласць, сбліжэнне міжнацыянальных даследчых сетак. Урады (у прыватнасці, урады ЕС) усё больш усведамляюць, што арганізацыя і функцыянаванне вышэйшай адукацыі будуць патрабаваць істотных змяненняў у заканадаўстве. Гэта прывяло да заклікаў у акадэмічным асяроддзі да ўзмацнення ролі ўніверсітэтаў з мэтай стварэння "Еўропы ведаў”. Палітычнае прызнанне прыйшло да праекта Еўрапейскай прасторы з т.зв. Лісабонскай стратэгіяй, амбіцыйнай мэтай якой з’яўляецца ператварэнне Еўрапейскага рэгіёну ў самую дынамічную, творчую эканоміку свету, заснаваную на ведах.

Акрамя чаканняў у грамадстве, якія ўзніклі ад пастаўленых стратэгічных мэтаў Балонскага працэса і якія з’яўляюцца свайго роду сацыяльнай падрымкай функцыянавання і ролі вышэйшай адукацыі, прысутнічаюць таксама запыты на пераацэнку апошніх. Без прэтэнзій на ўсеахопнасць сферы еўрапейскай вышэйшай адукацыі, яе прадстаўнікі не могуць закрываць вочы на такія глабальныя і рэгіянальныя выклікі, як:

- неабходнасць палягчэння доступа да вышэйшай адукацыі шляхам прыняцця зразумелай і супастаўнай структуры ступеняў;

- мадэрнізацыя арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці;

- прызнанне існавання разнастайнасці відаў і тыпаў устаноў вышэйшай адукацыі з адначасовым забеспячэннем агульнай узгодненасці сістэмы;

- больш выразнае і абгрунтаванае рэагаванне на неабходнасць навучання на працягу ўсяго жыцця;

- вырашэнне дэмаграфічнай праблемы большасці краін Еўропы, якая складаецца ў паступовым змяншэнні групы навучэнцаў, узрост якіх не перавышае ўзросту сканчэння сярэдняй адукацыі;

- патрэба ў міжнароднай акадэмічнай мабільнасці;

- раздзяленне дзяржаўнага і прыватнага фінансавання навучання.

Прызнанне новай сітуацыі, у якой апынулася вышэйшая адукацыя ў Еўропе, паспрыяла ўзнікненню магчымасцяў для пошуку найлепшых шляхоў вырашэння вышэйзгаданых праблем. Гэтым таксама тлумачыцца і тое, чаму запуск Балонскага працэса, у цэлым, атрымаў прыхільныя водгукі палітыкаў і навуковай супольнасці. Такім чынам, лік афіцыйных краін-падпісантаў паступова павялічыўся з 29-ці да цяперашніх 50-ці. Святы Прастол далучыўся да працэса ў 2003 годзе.

Як гэта працуе: лёгкая структура і паэтапныя пераўтварэнні

Як ужо адзначалася, усімі бакамі прыкладаліся намаганні з мэтай не абцяжарыць развіццё праекта палітычнай і заканадаўчай цяганінай, якая непазбежна ўзнікае ў працэсах, падобных дадзенаму - стварэнню адзінай сістэмы еўрапейскай вышэйшай адукацыі. Менавіта таму структура і пагадненні для функцыянавання Балонскага працэса былі створаны як мага больш празрыстымі і даступнымі:

- добраахвотны праект на аснове кансэнсуса, паколькі прынятыя ў яго рамках дакументы, у т.л. Камюніке, падпісанае па слядах міністэрскай канферэнцыі, якая праходзіць раз на два гады, не з'яўляюцца абавязковымі з пункту гледжання міжнароднага права. Выключэнне складае толькі Лісабонская канвенцыя па прызнанні кваліфікацый, якія адносяцца да вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскім рэгіёне, якая была прынятая ў 1997 годзе Радай Еўропы/ЮНЕСКА і якая рэгулюе прызнанне акадэмічных кваліфікацый ў краінах Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Ізраіля;

- функцыянаванне без сталага сакратарыята, гарантаванае простымі арганізацыйнымі механізмамі падтрымкі;

- фінансаванне з нацыянальных бюджэтаў.

Паколькі Балонскі працэс фармальна з’яўляецца ўрадавым праектам, рашэнні па ім прымаліся і прымаюцца прадстаўнікамі ўрадаў краін-удзельніц, а таксама Еўрапейскай камісіяй. Але цалкам відавочна, што сфера адукацыі прадугледжвае ўключэнне ў сваю дзейнасць розных зацікаўленых бакоў, якія прадстаўляюць акадэмічную супольнасць. Разам з абранай колькасцю міжнародных арганізацый, звязаных са сферай еўрапейскай вышэйшай адукацыі, такія як Рада Еўропы і ЮНЕСКА (прадстаўленыя ЮНЕСКА-СЕПЕС[2]), удзельнікі Балонскага працэса маюць статус кансультатыўных членаў. Прымаючы ва ўвагу, што канферэнцыі міністраў вышэйшай адукацыі з’яўляюцца мерапрыемствамі, якія праходзяць раз на 2 гады ў рамках Балонскага працэса, то аналіз іх вынікаў і адпаведных далейшых дзеянняў, а таксама праца па падрыхтоўцы наступнай канферэнцыі ляжаць у сферы адказнасці Назіральнай групы Балонскага працэса (BFUG). Менавіта ў рамках працы гэтай і рабочых груп у яе складзе афіцыйныя члены і ўдзельнікі з кансультатыўным статусам могуць узаемадзейнічаць і весці канструктыўны дыялог.

Стратэгія паэтапнага прыняцця канкрэтных мер для дасягнення канчатковага рэзультата (градуалізм) стала яшчэ адной важнай рысай, якая паспрыяла агульнаму поспеху Балонскага працэса. У той час як павышэнне прывабнасці, мабільнасці і якасці еўрапейскай вышэйшай адукацыі з самага пачатку было вырашальнай мэтай Балонскага працэса, укараненне іншых рашэнняў было праведзена больш тонка. Гэта адчуваецца, напрыклад, пры праглядзе бягучых тэм міністэрскіх канферэнцый на базе вынікаў папярэдніх канферэнцый і кіруючых прынцыпаў, якімі суправаджаецца іх правядзенне. Аднак нельга выключаць, што пошук рашэння ў адных абласцях патрабуе разваг і пошукаў у іншых. Гэта толькі пацвярджае складанасць усёй сістэмы вышэйшай адукацыі.

Святы прастол прыняў рашэнне па ўсталяванні Агенцтва Св.Прастола па ацэнцы і паляпшэнні якасці рэлігійных універсітэтаў і факультэтаў (AVEPRO). Такое рашэнне было прынята, дзякуючы важнасці, якая надаецца ў рамках Балонскага працэса павышэнню якасці вышэйшай адукацыі.  У свеце гэтых змен, узрастае значэнне рэгіянальнага супрацоўніцтва, што знайшло сваё адлюстраванне ў Балонскай дэкларацыі ў выглядзе закліка “cадзейнічаць еўрапейскаму супрацоўніцтву ў забеспячэнні якасці вышэйшай адукацыі з мэтай распрацоўкі супастаўных крытэраў і методык”.

Рэалізацыя гэтай мэты прыняла форму “Еўрапейскіх стандартаў і кіруючых прынцыпаў забеспячэння якасці Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі” (ESG), якія былі прынятыя на канферэнцыі міністраў у 2005 годзе. Можна сцвярджаць, што клопат пра якасць не з'яўляецца новай з'явай у еўрапейскай вышэйшай адукацыі. Але прыняцце Еўрапейскіх стандартаў і кіруючых прынцыпаў не толькі вызначыла агульныя стандарты і працэдуры забеспячэння, але і ўсталявала новую “культуру якасці”, правядзенне якой адбываецца рознымі шляхамі ў акрэдытацыі і ацэнцы якасці на інстытуцыйным і нацыянальным узроўнях. Гэта выводзіць заклапочанасць якасцю ў першыя шэрагі сённяшніх эканамічных і культурных выклікаў, з якімі сутыкаецца вышэйшая адукацыя.

Заключныя заўвагі

Няма ніякіх сумненняў у тым, што Балонскі працэс з’яўляецца паспяховым пан’еўрапейскім палітычным праектам, здольным пераасэнсаваць мэты і прынцыпы вышэйшай адукацыі. Яго асновы былі закладзеныя ў русле ідэі “яшчэ больш цеснай інтэграцыі”, якая шырока адстойвалася духоўным бацькам Аб’яднанай Еўропы Жанам Манэ. Балонскі працэс быў запушчаны на хвалі аптымістычных настрояў новага тысячагоддзя, а таксама ў выніку разумення важнасці ўніверсітэта ў свеце выклікаў і магчымасцяў тэхналагічнай рэвалюцыі і глабалізацыі. Будучы добраахвотным праектам, Балонскі працэс можа абапірацца толькі на ўзаемны давер і агульныя задачы яго ўдзельнікаў, што з'яўляецца яго галоўным спосабам арганізацыі дзейнасці. Прымаючы ва ўвагу бурлівую гісторыю развіцця вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў у Еўропе, не будзе перавелічэннем назваць Балонскі працэс чымсьці паміж “цудам і неабходнасцю” (Sadlak, 2011).

Нават самым гарачым прыхільнікам Балонскага працэсу (такім, як аўтар гэтага артыкула) даводзіцца прызнаць, што некаторыя з прапанаваных змяненняў у яго рамках былі сустрэтыя з падазрэннем, а ў пэўных выпадках - нават супрацівам з боку асобных зацікаўленых бакоў, перш за ўсё, з боку акадэмічнай супольнасці. Так было, напрыклад, у выпадку ўвядзення больш кароткага перыяду навучання на ступень бакалаўра і прыняцця гэтага кароткага перыяду ў якасці папярэдняга паўнавартаснага ўзроўню навучання для некаторых навуковых дысцыплін або навучання ў дактарантуры.

Гэтаксама Балонскі працэс не можа разглядацца як крыніца праблем і падставай для крытыкі, за якія ён наўряд ці можа несці адказнасць. Добрым паказчыкам яго агульнай трываласці і прывабнасці з'яўляецца той факт, што ні адна краіна не выйшла з Балонскага працэсу. Немалаважна і тое, што развіццё ў падобных накірунках адзначаецца і ў іншых рэгіёнах свету. Але ніводзін з іх (па меншай меры, да гэтага часу) не здолеў дасягнуць узроўню агульнарэгіянальнага пагаднення, як гэта адбылося з Балонскім працэсам.

Гэта можа гучаць як абстрактны эксперымент, але цяжка сабе ўявіць, што праект, падобны Балонскаму працэсу, быў бы створаны сёння. Назіраючы за цяперашнімі геапалітычнымі зрухамі і выклікамі, такія як міграцыя, змяненне клімату і палітычны папулізм з узрастаннем сумневаў у дэмакратычных каштоўнасцях, можна заўважыць, з аднаго боку, прыкметнае зніжэнне калектыўнай волі, а з другога - канцэнтрацыяй урадаў на сваіх унутраных інтарэсах. Іронія заключаецца ў тым, што праблемы, якія стаяць перад нашым “сур'ёзным новым светам”, патрабуюць міжнароднага супрацоўніцтва, якое, у сваю чаргу, патрабуе гнуткасці, павагі да разнастайнасці і разумнага прагматызму.

Абагульняючы, можна сказаць, што вышэйшая адукацыя ў краінах-удзельніцах Балонскага працэса дасягнула неверагоднага прагрэсу ў пашырэнні доступу да навучання і выбару адукацыйных паслуг. Вышэйшая адукацыя цяпер уяўляе сабой не проста інавацыйныя тэхналогіі і шырокі выбар правайдэраў, але і грунтуецца на ўсведамленні такіх каштоўнасцяў, як інстытуцыйная аўтаномія, акадэмічная свабода і супрацоўніцтва паміж ВНУ. Яны з'яўляюцца неабходнымі кампанентамі канкурэнтнай перавагі еўрапейскіх універсітэтаў на сусветным рынку і праз гэта - інструментамі на службе грамадства. Балонскі працэс з'яўляецца платформай, дзе нараджаюцца інавацыйныя ідэі, і лабараторыяй рэалізацыі палітычных рашэнняў для ажыццяўлення гэтых ідэй і праектаў. Яго заснавальнікі заслугоўваюць паўнавартаснага прызнання, у той час як рэалізатарам Балонскага працэса варта трымаць руку на пульсе часу і наладжваць дзейнасць праекта ў адпаведнасці з новымі выклікамі.


Бібліяграфія

Allègre, C. (2002). “University Autonomy, Academic Accountability and European Integration” in: Autonomy and Responsibility: The University’s Obligations for the XXI Century. Bologna: Bononia University Press, pp. 17-27. (Алегр, Кл. “Універсітэцкая аўтаномія, акадэмічная справаздачнасць і еўрапейская інтэграцыя").

Barblan, A. (2011). “From the University in Europe to the Universities of Europe” in: A History of the University in Europe - Volume IV: After 1945. W. Ruegg (General Editor). Cambridge: Cambridge University Press, pp. 550-574. (Барблан, A. “З універсітэта ў Еўропе да ўніверсітэтаў Еўропы”).

Sadlak, J. (2011). “The Bologna Process - Between Miracle and Necessity.” Der Donauraum. 51(3-4): 191-193. (Садлак, Я. “Балонскі працэс - на мяжы цуда і неабходнасці”).

 

Аўтар артыкула - прафесар, доктар Ян Садлак, прэзідэнт Міжнароднай абсерваторыі па акадэмічнаму ранжыраванню і дасканаласці IREG. Былы дырэктар Еўрапейскага цэнтра па вышэйшай адукацыі ЮНЕСКА-СЕПЕС (1999-2009 гг.). Член Назіральнай групы Балонскага працэсу ў 2003-2009 гадах. Член Еўрапейскай акадэміі мастацтваў, дакладных і гуманітарных навук (Academia Europensis) у Францыі, член Сусветнай акадэміі мастацтваў і навук, ЗША.


[1] Універсітэт Парыжа, другі па ліку старэйшы ўніверсітэт Еўропы

[2] Еўрапейскі цэнтр па вышэйшай адукацыі